shapka

ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ

. .

Так лічыў славуты навуковец Васіль Ключэўскі (1841-1911), памяць якога ўшанавалі ўдзельнікі адукацыйнага семінара Пінскай епархіі, што адбыўся ў Лунінцы.

Прыўзняты тон сустрэчы сваім шчырым вітаннем задаў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, які высока ацаніў ролю славутага гісторыка і багаслова. Разам з Уладыкам у прэзідыум семінара былі запрошаны благачынныя – пінскі, протаіерэй Канстанцін Балакай, сакратар епархіі, і лунінецкі – протаіерэй Васілій Дужак, які садзейнічаў арганізацыі сустрэчы, мэтай якой былі гісторыя і гістарычная навука.

Вялікая зала Лунінецкага ГДК гасцінна прыняла амаль 80 свяшчэннікаў – прадстаўнікоў Лунінецкай, Іванаўскай, Пінскай і Столінскай благачынных акруг, а таксама настаўнікаў шэрагу гарадскіх школ. На завяршэнне семінара яго ўдзельнікі праглядзелі відэафільм, ствараны праграмай “Існасць” тэлеканала БТ-1 і прысвечаны 100-годдзю закладкі Свята-Крыжа-Узвіжанскаму храма г. Лунінца.

Напачатку кіраўнік місіянерскага аддзела Пінскай епархіі, кандыдат філасофіі, протадыякан Андрэй Гарбуноў (Свята-Пакроўскі храм г. Баранавічы) на мностве звычайных, але цікавых прыкладаў выклаў сваё бачанне сэнсу духоўнага жыцця і метадаў “настройвання” на яго. Айцец Андрэй завяршыў выступленне вершам Аляксандра Пушкіна “Прарок”. Гэта было своеасаблівае шанаванне Васіля Ключэўскага, многія прадбачанні якога спраўдзіліся ў пазнейшы час, і заклік ажыццяўляць запавет паэта: “Глаголом жги сердца людзей…”.

На біяграфіі В.О. Ключэўскага падрабязна спыніўся кандыдат багасловія, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі протадыякан Павел Бубноў (Свята-Георгіеўскі храм г. Баранавічы). Прэзентацыя занатавала здымкі сям’і сціплага сельскага свяшчэнніка – бацькі Васіля Осіпавіча, дом у Пензе, дзе ў свой час пражываў будучы карыфей навукі, а ў 1991-ым створаны яго мемарыяльны музей. Госць з Жыровіцкага манастыра параіў чытаць пяцітомнік “Курс русской истории”, які дае адказы і на многія пытанні сучаснасці.

Шматлікія прыклады высокай духоўнасці В.О. Ключэўскага, які гістарычную навуку спасцігаў з расповядаў бабулі пра святых Рускай Праваслаўнай Царквы, прывёў госць з Магілёўскай епархіі – доктар багаслоўя, настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка в. Лясная Слаўгарадскага благачынія протаіерэй Георгій Сакалоў. Аб значнасці асобы В.О. Ключэўскага сведчыць тое, што ён быў прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта, акадэмікам Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук, страшынёй Імператарскага Таварыства гісторыі і стражытнасцей, а таксама выкладаў у Маскоўскай духоўнай акадэміі, размешчанай у Троіца-Сергіеўскай лаўры.

Сёлетняя сустрэча даказала, што спадчына В.О. Ключэўскага запатрабавана і ў ХХІ стагоддзі. Адна з удзельніц семінара, кіраўнік метадычнага аб’яднання выкладчыкаў гісторыі раёна, настаўніца СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Раманаўна Сладзінская адзначыла, што ў сваёй педагагічнай дзейнасці яна кіруецца словамі Васіля Осіпавіча: “Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”. Каштоўнейшы запавет кожнаму, хто нясе асветнае служэнне і ў школах, і ў храмах…

ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ ГІСТОРЫЯ – ПАДРУЧНІК ЖЫЦЦЯ