Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан благаславіў ансамбль, вядомы духоўным рэпертуарам, выступіць у Дзяржаўным мемарыяльным доме-музеі Якуба Коласа ў Мінску.
Гэта была ўжо другая сустрэча прадстаўнікоў сям’і класіка беларускай літаратуры і аматараў яго творчасці, 110-годзе пачату якой святкуем сёлета, з палескім духавенствам.
Кіраўнік прэс-службы Пінскай епархіі, настаяцель храма вялікамучаніцы Параскевы в. Альшаны Столінскага благачынія іерэй Іаан Гарбуноў паведаміў аб духоўным сэнсе масленіцы.
У тыдзень, што папярэднічае Вялікаму посту, трэба мець зносіны з роднымі і блізкімі, папрасіць іх даравання за “вольныя і нявольныя” памылкі, разам пасядзець за святочным сталом.
Чацвер масленіцы называецца “разгулам”, што і адлюстравала канцэртная праграма “Благавеста”. Гучалі спевы богаслужбовага цыклу, рускія, украінскія, беларускія народныя песні, стаўшае “візітоўкай” ансамбля танга Ежы Пецярбуржскага “Стомленыя сонцам”. Асаблівы поспех меў саліст “Благавеста” Дзяніс Бахрэўскі – ураджэнец Пінска. На памяць Уладыку Сцяфану ўручаны адзін з дыскаў ансамбля, які мае назву “Слава Богу за ўсё”… Садружнасць славянскіх народаў адлюстравалі спевы аспіранта Мінскай духоўнай акадэміі Аляксандра (Ацы Будзішына) з Сербіі.
Пачатак вясны асабліва святочны для жанчын. Пяшчоты і кахання ўдзельніцам сустрэчы пажадаў кіраўнік сацыяльнага аддзела Пінскай епархіі іерэй Сергій Плотніцкі, які ў сталіцы Палесся будуе храм з рэабілітацыйным цэнтрам для дзяцей-інвалідаў. Віншаванні бацюшкі былі шчырым заклікам да спраў дабрыні і міласэрнасці. Вакальнымі падарункамі “прыгожай палове” сталі папулярныя рамансы, якія выканаў кіраўнік місіянерскага аддзела Пінскай епархіі протадыякан храма Пакрова Багародзіцы г. Баранавічы Андрэй Гарбуноў. Завяршаючай прагучала песня “Мой родны кут” Ігара Лучанка. Расчуленыя дырэктар музея Зінаіда Мікалаеўна Камароўская, нявестка Якуба Коласа Аляўціна Цімафееўна Міцкевіч і ўнучка Марыя Міхайлаўна Міцкевіч шчыра дзякавалі айцу Андрэю за “прэм’еру песні” і адзначалі, што менавіта барытон спевака найбольш сугучны ўражанням ад прынёманскіх краявідаў малой радзімы народнага песняра, які занатаваў іх сваім вершам.
Клічнікам сустрэчы, зачараваўшай слухачоў, стаў торт, выраблены пінскімі кулінарамі ў форме “Новай зямлі” Якуба Коласа разам з чарнільніцай і “пушкінскім” пяром. Уладыка Сцяфан, уручаючы незвычайны “фаліянт”, пажартаваў, што “надрукаваны ён у Пінску ў адзіным экземпляры”. У 1938 годзе падобнай “смачнай” кнігай дзеці Якуба Коласа віншавалі бацькоў з сярэбраным вяселлем. Сямейны саюз, які пачаўся вянчаннем у Пінску, спыніўся завяршэннем зямнога шляху Марыі Дзмітрыеўны ў 1945-ым, але памяць аб вернай спадарожніцы жыцця народнага песняра захавана і сёлета адзначэннем яе 125-годдзя.
Архіерэй малітоўна нагадаў, што надыходіць Вялікі пост, які патрабуе ад праваслаўных стрыманасці і развагі, і кожнаму пажадаў моцы ў духоўным 40-дзённым імкненні да агульнай радасці “Свята Святаў”.