shapka

Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах

. .

15 верасня адбылася важная падзея ў нашым раёне, як з гістарычнага пункту гледжання, так і з духоўнага: асвечаны ў Бабровічах храм-капліца ў гонар Святой вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы і ў вечную памяць нявінна спаленых, замучаных і забітых у вёсках Бабровічы, Вяда, Красніца, Тупічыцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Іх імёны ўвекавечаны на мемарыяльнай дошцы, якая месціцца на адной са сцен у храме-капліцы. Роўна 74 года назад у верасні 1942 года ў гэтых мясцінах адбылася страшэнная трагедыя – 1280 чалавек загінула ў чатырох вёсках.

Чытаеш і валасы дыбам узнімаюцца… Бясконцы спіс: “Праскоўя Валуевіч, Агата Валуевіч… Цімафей Пашкевіч, Ганна Пашкевіч з дзецьмі, Дамініка Пашкевіч з дзецьмі…” З чатырма, з сям’ю дзецьмі, з нованароджаным дзіцяткам… Колькі іх, у страшэнных муках загінула ў тыя дні, якую жудасную і мучанічацкую смерць яны прынялі! І здаецца, у гэты цёплы вераснёўскі дзень яны анёламі сабраліся над Бабровічамі, над капліцай…

Яшчэ нядаўна падчас Калядных святаў ладзілася ў храме Святога Велікамучаніка Георгія Перамоганосца в.Яглевічы акцыя “Анёл міласэрнасці”, якая запрашала прыняць удзел ва ўзнаўленні храма-капліцы ў Бабровічах, весцы, якая далучана была да Яглевіцкага прыхода. Тады айцец Віталій казаў звяртаючыся да людзей, што будаўніцтва храмаў заўсёды было справай народу Божага, і калі ты частка народа Божага, то не застанешся ўбаку. Тады ж прагучала, што у верасні плануецца асвячэнне капліцы ў Бабровічах. І ў ціхім голасе, але ўпэўненым, нябачна расла і перадавалася людзям упэўненасць, што так і будзе. Пачатую справу Веніяміна Бычкоўскага, якую прадоўжылі прыхаджане храма іконы Божай Маці “Дзяржаўная”, проста не раўнадушныя людзі, але якія на той час не паздужалі закончыць будаўніцтва, узялі ў свае рукі наступныя. Нельга сказаць, што шчыравалі толькі яглевіцкія прыхаджане, аддана працавалі і івацэвіцкія, і з іншых мясцін і арганізацый людзі. Хто дапамагаў непасрэдна па будаўнічай справе, хто арганізацыйна, хто малітвай, грашыма, усё сцякалася пад “крыло” айца Віталія. І ён аддаваў сябе поўнасцю гэтай справе. Іншы раз, здавалася, ён ад стомленасці вось-вось не даслухае, а адключыцца свядомасць і ён засне стоячы. І ўсё ж справа ў Славу Божую была зроблена агульнымі сіламі і асвячэнне храма-капліцы высокапрэасвяшчэннейшым уладыкай Стэфанам, архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім, якому саслужыла свяшчэнствам Івацэвіцкага благачыння, было вельмі ўрачыстым і святочным.

– А Божачка мой, ці я думала калі, што дажыву да такога. Мо, мне гэта сніцца, вачам сваім не веру, што ў нас ў Бабровічах будзе такое свята, што будуць асвячаць царкву, што столькі бацюшак прыедзе да нас, – скрозь слёзы ўзрушана казала 88-мі гадовая Вера Іванаўна Крот з Бабровічаў, адна з тых нямногіх, каму пашчасціла ўратавацца ў тыя трагічныя дні верасня 1942 года. – Сёння ж тут усе мае родныя, хто загінуў тады ў вайну. Усе тут людзі тыя, спаленыя і забітыя. Яны ж таксама бачаць усё гэта…

Вера Іванаўна сядзела на лавачцы каля храма, бо ногі ўжо не надта слухаюцца, казала, што айцец Віталій яе сюды прывёз на сваёй машыне і казаў, што і назад завязе. Дзякавала жанчына Богу, Царыцы Нябеснай за сённяшні дзень, дзякавала бацюшку, уладам, усім людзям, што зрабілі такую вялікую справу для Бабровічаў.

– Я пасвіла кароў, прыгналі іх, а ў нас такое робіцца кругом: гарыць усё вакол, крык, гоман, стрэлы… – не можа справіцца са слязьмі жанчына. – Куды бегчы, дзе мама, дзе ўсе? Гляджу некаторыя бягуць да возера і я за імі. Бягу, а ў спіну стрэлы раздаюцца. Я ад старху ні ўправа, ні ўлева не магу збочыць… І трэба ж мне было выжыць! Цэлую ноч у возеры па шыю сядзела, а холадна як! Вось рукі з таго часу пакурчыла. А колькі мне было тады, усяго 14 гадкоў, што я ведала ў гэтым жыцці. Ранкам страшэнная карціна была ў вёсцы. Спаленыя датла дамы, людзі забітыя валяюцца… Адразу падаліся ў Выганашчы да сваякоў, а потым у лесе сустрэлі людзей, у зямлянцы жылі… Сястра мая ў Германію была пагоненая, там, бедная, і памерла… Адна я засталася тады, адзін сын у мяне.

Невялічкі храм-каплічка не ўмясціў усіх жадаючых пабыць на Літургіі. А тыя, хто ўціснуўся, казалі, як хораша ў ім унутры. Сцены драўляныя, паміж бярвеннямі – вяровачкай прыгожай пакля, вытанчана разны іканастас… і акенцы, праз якія глядзяць сосны. Калакольны звон, анёльскі спеў яглевіцкага хора, пасля прычасця ладзіцца хрэсны ход і ад пырскаў святой вады зіхацяць усмешкамі твары людзей.

“…Велича-а-а-ем, веліча-а-а-а-ем тя святая великомученица Параскево и чтим честныя страдания твоя, яже за Христа претерпела еси”, – спяваюць бацюшкі і пеўчыя… А пасля памінаюцца нявінна забітыя і спаленыя…
У сваёй пропаведзі ўладыка Сцяфан казаў: “Промыслам Божым было ўстроена ўзвядзенне храма-капліцы. Дзякую айцу Віталію, кіраўніцтву раёна, благатварыцеляў і благаўпрыгожвацеляў святога храма гэтага, усіх братоў і сясцёр праваслаўных за працу і ўзвядзенне храма. Гэты дзень з’яўляецца яшчэ і напамінкам трагедыя, якая адбылася 74 гады назад.15 верасня 1942 года былі спалены з усімі жыхарамі і дзецьмі Тупічыцы, некалькімі днямі раней гарэлі Бабровічы. Вяда, Красніца. Сёння мы ўзносілі малітвы аб усіх, хто загінуў. Вечная ім памяць, царства нябеснае. Сёння яны тут і радуюцца нашай урачыстасці. Мы адчуваем іх нябесную дапамогу. Жадаю ўсім, каб і далей вы прадаўжалі жыць у духоўнай чысціні і заставаліся носьбітамі храма Святога Духа. Благадаць няхай застаецца з вамі, міру, згоды, любові і цярплівасці. Маліцеся, каб і краіна наша жыла ў міры, цішыні пад пакровам Царыцы Нябеснай”.

І яшчэ адзін урачысты момант – уручэнне ўзнагарод. Медаллю Прападобнамучаніка Макарыя, ігумена Пінскага ўзнагароджаны Анатолій Ткачук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па акрузе №11 (былы старшыня райвыканкама), Аляксандр Молаш, Юрый Барсукоў, Веніямін Бычкоўскі, граматамі экзархата узнагароджаны Людміла Пракурат, Вера Власавец, Сяргей Арцёмчык, пісьмамі Падзякі – Валерый Калесніковіч, Юрый Мілеўскі, Таццяна Молаш, Сяргей Лемяшэўскі.

Дзякаваў у сваю чаргу будаўнікоў і ўсіх, хто ўнёс вялікую і маленькую “лепту”, усіх прыхаджан, жыхароў і кіраўніцтва раёна айцец Віталій, які заўважыў, што важней за зямныя вечныя духоўныя даброты і праслаўленне Царквы добрымі справамі.

Пасля трапезы, якую ладзілі сіламі прыхаджан, спявалі духоўныя песні пад хатай Веніяміна Бычкоўскага прыхаджане. Хораша і люба было. Быў час і пагаманіць з людзьмі. Марыя Іванаўна Петруковіч у Яглевічах пражывае ўжо гадоў 30, але родам жанчына з Бабровіч. Прыехаць дапамаглі з мужам Аляксеем Васільевічам ёй дзеці. “Дзякаваць усім, што Бабровічы ажылі. Сяджу і плачу, такая радасць! На могілкі прыязджаем на Пасху, а сёння тут Пасха!”, – казала жанчына. Ахалі і охалі і Валянціна Кавалевіч, якая жыве ў Целяханах, Надзея Петруковіч з Бабровічаў, Фёкла Чырко, якая жыве ў Бабровічах з 1948 года, калі замуж пайшла за франтавіка Рыгора Сцяпанавіча, і які, на жаль, не дажыў такога светлага дня.

Дзень светлы быў і для іншых людзей, хто сустрэў тут сваякоў, хто сяброў, хто проста ступіў на родную зямлю. Слава табе Божа, ад усіх нас, жыхароў раёна, і ад тых, хто далёка, але памятае аб радзіме.

Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах Урачыстае асвячэнне храма-капліцы ў Бабровічах