shapka

“УБАЧЫЦЬ не тое, што бачна прасцей, а тое, ШТО ВАРТА ЗНАЙСЦІ…”

. .

Удзельнікі IV Свята-Кірыла-Тураўскіх чытанняў захапілі імкненнем да ўдасканалення работы па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны – аднаго са складнікаў духоўнага выхавання.

На веснавых канікулах калектыў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага прымаў калег з гарадоў і вёсак, а таксама прадстаўнікоў іншых сфер жыццядзейнасці.

Вопыт папярэдніх сустрэч паступова ператварае педагагічныя чытанні ў адукацыйныя. Аб гэтым сведчылі выступленні на пленарным пасяджэнні. Па традыцыі напачатку прагучала агульная малітва свяшчэннікаў і благаславенне, якое даў старэйшы прадстаўнік духавенства – протаіерэй Феодар Пуцько, настаяцель Свята-Троіцкага храма в. Вічын.

Святога, якому прысвячаюцца сустрэчы, называлі “Тураўскім Златавустам”. Жыццё яго настолькі рознабаковае, што цікавіць любым аспектам дзейнасці! Загадчыца Мікашэвіцкай гарадской бібліятэкі Аксана Уладзіміраўна Маркевіч засяродзіла ўвагу на літаратурнай спадчыне свяціцеля Кірылы, епіскапа Тураўскага (†1183). Яго духоўным нашчадкам у сучаснасці называюць “Сербскага Златавуста” – свяціцеля Мікалая Веліміровіча, епіскапа Охрыдскага і Жыдчскага (†18.03.1956). Святкаванне 60-годдзя яго прастаўлення будзе адзначацца 3 мая, у дзень перанясення мошчаў. Аб гэтым паведаміў дакладчык з Сербіі, аспірант Мінскай духоўнай акадэміі. У складзенай загадзя праграме было ўказана імя госця – Аляксандр Будзішын. Аказалася, што 18 сакавіка адбыўся яго пострыг у манаства, хіратоніі ў дыякана і свяшчэнніка. Іераманах Агафангел (што азначае “добры вястун”) зачараваў аудыторыю сваёй прамяністай усмешкай, расповядам пра святога – гонару нацыі, выкананнем песні “Мая Сербія”. Паспяхова дэбютавала на чытаннях галоўны спецыяліст Мікашэвіцкага гарвыканкама Кацярына Мікалаеўна Кулік, якая выступіла з прэзентацыяй аб дэмаграфічным становішчы адміністрацыйнай тэрыторыі, адказала на шматлікія пытанні.

Секцыя “Культура як мост да духоўнасці” сабрала педагогаў-арганізатараў. Аб жыцці Міны, епіскапа Полацкага (†1116), 900-годдзе якога адзначым 3 ліпеня, паведаміла намеснік дырэктара Вулькаўскай 1 СШ Алена Аляксандраўна Стасюк. Даследаваннем мясцовай святыні – Дзятлавіцкага Нова-Пячэрскага праваслаўнага мужчынскага манастыра – зацікавіла настаўніца СШ №2 г. Лунінца Наталля Аляксееўна Ерамяевіч. Аб тым, як выхоўваць душэўнае, каб узняцца да духоўнага, разважаў іерэй Сергій Крышталь, настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца, доктар багаслоўя ІІ ступені, памочнік благачыннага па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі. Метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Іванаўна Юрко абгрунтавала важнасць наведвання духоўных святынь Беларусі.
У секцыі “Праваслаўнае краязнаўства” настаўніца Багданаўскай СШ Людміла Васільеўна Ярмольчык расказала аб аднаўленні мясцовага храма. Дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Барысаўна Благадзёрава заклікала настаўнікаў гісторыі да больш плённага супрацоўніцтва з духавенствам. Настаяцель храма Нараджэння Багародзіцы в. Лахва протаіерэй Валерый Скрабец, знаўца і аматар вывучэння мінулага, упэўнены, што многія вернікі шлях да храма пачынаюць з цікавасці да яго гісторыі…

У абодвух гарадах раёна сур’ёзна падышлі да праблемы грамадскіх месцаў пахаванняў. Дырэктар гімназіі г. Мікашэвічы Сяргей Пятровіч Высоцкі сваё выступленне падмацаваў здымкамі помнікаў на мясцовых могілках, добраўпарадкаванне якіх пачалося з клопату вучняў і дарослых. Своеасаблівай “метадычкай” па даследаванню некропаляў сталі рэкамендацыі настаўніцы СШ №2 г. Лунінца Дзіяны Раманаўны Сладзінскай. Пад яе кіраўніцтвам вучні праінвентарызавалі старыя пахаванні ў райцэнтры і лічаць, што могілкі патрабуюць догляду як месцы шанавання памяці.

Сацыяльныя педагогі і псіхолагі абмяркоўвалі тэмы ў секцыі “Сям’я – гэта малая царква”. Настаўніца Багданаўскай СШ Вера Канстанцінаўна Ільючык на прыкладах з твораў беларускіх пісьменнікаў нагадала аб любімым сямейным свяце – Каляды. Асаблівасці каштоўнасных арыентацый сучаснай моладзі ў адносінах сям’і і шлюбу даследавала настаўніца Кажан-Гарадоцкай СШ Таццяна Іванаўна Даўгавечная. Аб хрысціянскіх асновах “ячэйкі грамадства” разважаў іерэй Алексій Ільючык, настаяцель храма Новамучанікаў і Спаведнікаў Беларускіх в. Красная Воля, памочнік благачыннага па сацыяльнай рабоце. Намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Вітальеўна Бойка абагульніла прапановы калег.

І бібліятэкары атрымалі многія адказы на “Духоўныя пытанні ў медыа-прасторы”, як называлася яшчэ адна секцыя. Настаўніца СШ №1 г. Лунінца Наталля Аляксандраўна Яворская, на аснове беларускіх прыказак і прымавак, прааналізавала хрысціянскія смяротныя грахі. Настаўніца Лахвенскай я/с СШ Валянціна Пятроўна Доўгая разгледзела рэкламу як від мастацтва. Роль сям’і ў выхаванні любові да чытання падкрэсліў іерэй Аляксандр Масяйчук, клірык храма Нараджэння Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана г. Мікашэвічы, а бібліятэкар гімназіі г. Лунінца Ірына Пятроўна Раманчук падзялілася вопытам правядзення святаў, прысвечаных праваслаўнай літаратуры.

Наведвальнікі клуба “Натхненне”, які створаны ў Мікашэвічах пры ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, у секцыі “Праваслаўе ў сучасным свеце” абмеркавалі надзённыя пытанні з госцем са Столінскага благачынія – кіраўніком Прэс-службы Пінскай епархіі. Іерэй Іаан Гарбуноў, настаяцель Свята-Параскевінскага храма в. Альшаны, кандыдат багаслоўя, растлумачыў хрысціянскую сутнасць спрадвечных нацыяльнальных традыцый.

Многія з амаль 150-ці ўдзельнікаў сустрэчы свае ўражанні выказвалі двума словамі: “Перапоўнены інфармацыяй!”. Што ж, у сучасным свеце гэта – самы каштоўны набытак… Некаторыя шчыра падтрымалі водгук іерэя Аляксандра Барысава, настаяцеля храма, які будуецца ў гонар Казанскай іконы Божай Маці ў в. Рэдзігерава: “У сілу таго, што рабіў фотарэпартаж для сайта благачынія, наведаў усе секцыі і з цяжкасцю зыходзіў з кожнай – так было цікава! Можа, нам трэба часцей сустракацца?”…

З удзячнасцю пакідаючы гасцінных гаспадароў, свяшчэннікі і педагогі наведалі храм Нараджэння Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана. Настаяцель протаіерэй Сцяфан Масяйчук паведаміў аб царкоўных святынях, якія прыцягваюць у Мікашэвічы паломнікаў з розных куткоў Беларусі.

“УБАЧЫЦЬ не тое, што бачна прасцей, а тое, ШТО ВАРТА ЗНАЙСЦІ…” “УБАЧЫЦЬ не тое, што бачна прасцей, а тое, ШТО ВАРТА ЗНАЙСЦІ…” “УБАЧЫЦЬ не тое, што бачна прасцей, а тое, ШТО ВАРТА ЗНАЙСЦІ…” “УБАЧЫЦЬ не тое, што бачна прасцей, а тое, ШТО ВАРТА ЗНАЙСЦІ…” “УБАЧЫЦЬ не тое, што бачна прасцей, а тое, ШТО ВАРТА ЗНАЙСЦІ…” “УБАЧЫЦЬ не тое, што бачна прасцей, а тое, ШТО ВАРТА ЗНАЙСЦІ…” “УБАЧЫЦЬ не тое, што бачна прасцей, а тое, ШТО ВАРТА ЗНАЙСЦІ…”